Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/205

Гэта старонка не была вычытаная

АДПЛАТА КАХАНЬНЯ

(З праўдзівага здарэньня)

Вы хочаце казкі? — ну, добра, ну, ладна!
Садзецеся во дзе, і слухаць прыкладна!
Я-ж збаю, пакуль дзень загляне ў ваконца,
Ды толькі ня казку, а праўду, як сонца.

На сьвеце на белым, пад Гайнай убогай,
Жыў шляхціц багаты; меў поля ён многа
І конікаў сытых, і ўсякай скаціны,
І грошы, што чуць іх ня мерыў асьмінай,
Ня знаў ён, што голад, што холад, што праца,
Еў смачна, спаў доўга — пан істы з палацу!
Шмат слуг на яго працавала у полі,
Што праўда — галодных, абдзёртых найболей,
А ён-жа, ім плацячы марныя злоты,
Стаяў, як над быдлам, ганяў да работы.

Во гэты то шляхціц, во гэты багаты,
Пан новай і гонтамі выкрытай хаты,
Меў некалькі сёстраў, а стройных і мілых,
Прыгожых у твары, здаровых на сілах;
Кроў, проста, здаецца, зьмяшаная з млекам, —
Спаткаўся дзе з імі — бяда з чалавекам:
Загіне напэўна з душою прастачай,
І сонца ня ўгледзе, і хаткі ня ўбача!
Аж так счараваці патрапяць галубкі
І іхнія грудзі, і вочы, і губкі!
А надта-ж адна з іх, што звалася Зосяй,
І зграбненька ходзе, галоўку лепш носе,
І лепей сьмяецца, і лепей міргае,
А ўся, як малінка, як кветка жывая!
Ці дзе загавора, ці песьню зацягне,
То слухаў-бы вечна, — так кожны прысягне.
Ой, гэтакай песьні, ой, гэткай гаворкі
Аж слухаюць птушкі, ўсьміхаюцца зоркі.