Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/206

Гэта старонка была вычытаная

Цяпер вам цікавасьць, ці гэта паненка
У грудках у пышных, пад крамнай сукенкай,
Ці мела там сэрца, што шчырым каханьнем
Магло адазвацца хоць раз прад скананьнем?
Ой, мела напэўна, ой, моцна кахала!
Цяпер так сардэчна кахаюцца мала.

Пад горкай пад крутай, пры ціхай далінцы,
Над вузенькай рэчкай, абапал гасьцінца,
Расьселіся хаты апушчанай вёскі,
Ў якое то садзік, то дзьве-тры бярозкі
Ясьнейшым прыветам здаюцца для хатак,
А далей — вясковы адзін недастатак.
Пахілыя хаты глядзяць на староны, —
На стрэхах камамі парос мох зялёны,
Струхлеўшыя сьцены ў зямлю паўяжджалі,
А шыбы у вокнах ня больш па дзьве цалі.
Цікавасьць, ці праз так малое ваконца
Загляне у хатку калі-небудзь сонца?

У нізкай хацінцы, ў аднэй з найбяднейшых,
Ў аднэй з найкрывейшых, ў аднэй з найцямнейшых
Рос Янка Лявончык, па бацьку — Прывада;
Прыгожы быў хлопец, дзяўчатак прынада;
Што возьме, то зробе, зух першы ў забаве,
Ня мае плям чорных на сэрцы, на славе.
У вёсцы у роднай ён добрым суседам,
Ня крыўдзе дзяцей, не сьмяецца над дзедам,
Прыветліва з кожным спаткаўся, растаўся.
Ой, добры быў Янка, хоць з горам то знаўся.
У двор на работу хадзіў ён штодзенна,
Там з працай усякай спраўляўся сумленна;
Дзе толькі ні стане, працуе ў ахвоту,
І славы дакажа, рваць будзе да поту.
Сталетнюю хвойку паваліць у боры,
Корч выдзерці ў пасецы Янка ня хворы;
Загончык як выараў — глянуці міла,
Пракосік прагоне — то значна, дзе сіла.
За рукі, за працу і чэсьць і пахвала!
Быў Янка работнік, якіх цяпер мала!