Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/207

Гэта старонка не была вычытаная

А хоць грашмі бедзен, другім чым багаты:
Зайздросьцілі хлопцы, любілі дзяўчаты;
Любіла і Зося, шляхоцкая дочка,
А гэтаму сьведкай і садзік, і ночка.

Хто пройме, прагледзе спатканьні, гулянкі,
Мірганкі і шэпты каханка, каханкі?
Хто зьліча, па колькі друг дружку цалуе,
Галубіць і туліць, пяшчотна мілуе?
Ой, трудна пазнаці, ой, трудна збадаці.
Здаецца, штось бачыш, дый рэшты ня знаці!
Бо ночка каханьню спрыяе заўсёды,
Збаўляе каханкаў ад кепскай прыгоды.
А шчыра-ж, а міла і Зося, і Янка, —
Янук, сын мужыцкі, а Зоф‘я, шляхцянка, —
Што ночку бяз сьведак адны караталі,
Аб шчасьці каханьня салодка шапталі.
А часам і смутныя думкі зазвоняць
Да сэрц закаханых, — яны іх разгоняць,
Абняўшыся шчыра, сваім цалаваньнем.
Эх, добра хоць трохі пажыці каханьнем!
Так смутна, так горка таму жыць на сьвеце,
Каму лёс каханьня ў душы не расквеце,
Хто братняй душы у жыцьці не спаткае,
З якой-бы і любасьць сплывала сьвятая,
З якой-бы і горам сваім падзяліўся,
І ў жалі паплакаў, к грудзям прыхіліўся.
— „Эй, Зося! — так Янка гавора, бывала:
„За што мяне шчасьце такое спаткала?
А можа няшчасьце, а можа і сьлёзы?
І сам я ня знаю, ці п‘ян, ці цьвярозы.
Ты, панна, і любіш мужыцкага сына,
Убогага хлопца — пасажна дзяўчына;
Што людзі, што брат твой на гэта нам скажа,
Як праўду пазнае, загадку разьвяжа?
Ты-ж паняй і будзеш, і выйдзеш за пана,
А я буду плакаць ад рана да рана,
Аж высахне сэрца, кроў ў жылах застыне,
І ўсё з таго жалю па пекнай дзяўчыне“.