Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/209

Гэта старонка не была вычытаная

Страшней-жа з тым зьверам, што ўходзе між намі,
Як мы, чалавекам, а сэрцам — пантэра;
О, гэткі зьвер горшы за ўсякага зьвера!
Снуецца Лаўчынскі па хаце, як мара.
Чорт цешыцца: будзе для пекла ахвяра;
Штохвіля крываўшую помсту знаходзе,
Штохвіля чарнейшыя думкі наводзе
І шэпча: „Забі йдзі, як сьпіць у вадрыне,
Ці ў садзе, як зловіш яго пры дзяўчыне,
Ці ў лесе, як пойдзе табе сеч бярвеньні,
Але забі толькі, ня бойся сумленьня!“
Яшчэ не здаецца, яшчэ азірнуўся
На кут, дзе абраз быў, душой страхануўся;
Схапіў тапор востры рукой подлай, сьмелай
І выскачыў з хаты, глухі, азьвярэлы.
А хмары па небе ішлі і стагналі,
І як-бы бязбожніку грозна крычалі:
„Апомніся, грэшны, вярніся дадому!
Аб гэтым ноч-маці ня скажа нікому“.

У вёсцы, так кажуць, жыве люд шчасьліва,
Зжываецца з горам і з працай, і з нівай;
У вёсцы у ціхай люд, кажуць, менш грэшыць,
Пакусаў менш мае, малым сябе цешыць,
І сцэнаў крывавых менш нойдзеш у вёсцы.
Ну, праўда-ж, як грушы растуць на бярозцы!
І ў местах, і ў вёсках шальмоўства вядзецца,
А толькі у месьце бардзей хто уп‘ецца,
Бардзей і сагрэшыць, другога закрыўдзе.
У местах няўмысьне сабаку забіў дзе,
А ўжо на сьвет цэлы разбрэшуць газэты, —
Як-бы гэнэралам сабака быў гэты!
А ў вёсцы прыгледзься-ж на крыўды, на сьлёзы,
Што выльлюць дарэмна у сьпекі, ў марозы,
Што за сабак згіне людзей нешчасьлівых
У лесе пад дрэвам, з натугі на нівах;
А колькі на цёмных „сьвятлейшых“ сягае,
І больш дзе хто з працы другіх карыстае?!
Ня скажаце ў местах, бо знаеце самі,
Што вёска больш зьліта людзкімі сьлязамі.