Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

прыхільна сустракалася, яе нараджэньне віталі ўсе, хто-б ня кранаў гэтага пытаньня. І вось, у крытычна-аглядных артыкулах, пасьвечаных беларускай літаратуры, мы сустракаем цэлы шэраг думак аб Янку Купале, як аб найвыдатнейшым прадстаўніку тагочаснага стану гэтай літаратуры. Гэтак, Адольф Чэрны ў часопісі „Прагляд Славянскі“ ў артыкуле беларускія нацыянальныя і культурныя імкненьні ў 1909-1910 г.“[1] піша: „Да самых популярных маладых поэтаў належыць Янка Купала, з творамі каторага спатыкаемся ў 1907 г. ў „Нашай Ніве“. Поэзія яго мае беспасрэдны грунт народны, бо ён — дзіця беларускай вёскі, самавук; ён прачувае долю народу, апявае яго сум, працу, жальбу і беднае жыцьцё“. Тых-жа думак трымаецца проф. А. Пагодзін у сваім артыкуле „Белорусские поэты“ („Вестник Европы“ — студзень, 1911 г.), пр. Янчук і інш.

Янку Купалу, як народнага поэту, прызнаюць усе аглядальнікі беларускага нацыянальна-культурнага адраджэньня ў 1910-1911 г. Але Адольф Чэрны, проф. А. Пагодзін і інш., пішучы свае артыкулы, мелі справу з першымі творамі Янкі Купалы, якія ўвашлі ў „Жалейку“. Па сваёй тэхнічнай вартасьці, па сваёй поэтычнасьці, бязумоўна, яны не давалі таго, што давалі вершы пазьнейшага часу, сабраныя ў „Гусьляры“, Гэты зборнік яскрава засьведчыў нясупынны рост таленту Я. Купалы. Шырына ахопу, дасканаласьць формы і тэхнікі, багацьце тэматычнага зьместу далёка адрозьнівалі „Гусьляра“ ад „Жалейкі“, прыдаючы аўтару ўсё большую і вядомасьць.

У Пецярбурзе, дзе ён выдаў першы драматычны твор „Паўлінка“ (1912 г.), сымболічную поэму „Сон на кургане“ (1912 г.) і найбагатшы збор вершаў „Шляхам жыцьця“ (1913 г.), вядомасьць Янкі Купалы заходзіць вельмі далёка: ім зацікаўліваецца цэлы шэраг расійскіх пісьменьнікаў (І. Белавусаў, А. Корынфскі, Е. Нячаеў, Н. Ашукін, а пазьней і В. Брусаў) і перакладаюць яго творы на расійскую мову[2]. Вершы яго перакладаюцца таксама на польскую, украінскую і літоўскую мовы.

  1. Adolf Cerny. Slovanskij Prehled Roćnik XIII. 1911, ст. 217—223, 401—416.
  2. Перакладзеныя на расійскую мову вершы Янкі Купалы выданы асобным зборнікам: „Янка Купалай белорусский поэт, избранные стихотворения в переводах русских поэтов. С биографическим очерком и портретом“. Собрал и редактировал Ив. Белоусов. Изданне Белорусского под‘отдела отдела просвещения национальных меншинств Н. К. П. Москва, 1919 г.