Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/210

Гэта старонка была вычытаная

У вёсцы хоць горка пакрыўджаны плача,
Маўчаць кожны будзе так, як і ня бача…
Занадта сьляпы люд, занадта баіцца,
Каб мог ён за крыўду сваю заступіцца.
Праз тое і вёску так хваляць поэты,
Найболей такія, што, зьеўшы катлетаў,
Віном якім смачным катлет той закусяць;
О, гэткія, пэўна, аб шчасьці пець мусяць!

У пуні у панскай, як мёртвы, сьпіць Янка,
Ня вышаў да саду спаткацца з каханкай
(Таго дня да Менску паехала Зося).
Ой, дзіўныя часам сны ночка прыносе!
Вось Янка шчасьлівы, ўжо гора ня знае,
За жонку ўжо Зосю прыгожую мае,
Ўжо ў новай хацінцы яна гаспадара,
А ў стайні ржэ конікаў сыценькіх пара;
Саха валоў рослых, чатыры каровы
Скубецца на лузе; лясок-жа сасновы
Ту-ж блізка пры хатцы сячэ Янка сьмела,
Да пана ня мае ніякага дзела, —
Ня трэба ўжо ўсякаму рук цалаваці.
Шмат мае ён поля і шмат сенажаці;
А ўсё гэта працай дабыў ён пачцівай,
Як жыць пачалі яны з Зосяй шчасьліва;
Ды трохі прынесла яна і ў пасазе,
А важнае — любасьць, што лепш багацтв князя.
Ва ўсім памагае рукамі і радай,
Прад ім не азьвецца ні плачам, ні звадай.
І робіцца радасна Янку на сэрцы,
Што гэтак шчасьлівы, што ў горы ня б‘ецца,
Ня мучыцца так, як уперад бывала…
Аж раптам вось гэтага шчасьця ня стала,
Жудосны зьвер-прывід падходзе, здаецца,
Зубамі скрыгоча і дзіка сьмяецца.
Збудзіўся, глядзіць ён на зданьне благое
І крыкнуў: „Паночак! За што? За якое?“

Сьпіць вёска сном моцным па працы па цяжкай,
Начлежнікі ў лузе — пад буркай, сярмяжкай,