Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/211

Гэта старонка была вычытаная

А ў хатах — дзяўчаты і дзеці, і бабы
На ложках, на лавах, на печы — дзед слабы;
Нідзе ані шуму, ні плачу, ні крыку,
Ня чуць і кляцьбы тэй, якой днём бяз ліку.
Адзін толькі вецер шамоча бярозкай,
Ды недзе сава загукала за вёскай,
А далей — ноч-пані, і пуста, і глуха…
Аж вось даляцеў гук да чуткага вуха:
Што гэта?.. Збудзіліся людзі з пасьцелі.
У цэркаўцы блізкай званы загудзелі…
Што гэта? Што гэта? Хоць поўнач на сьвеце,
А відна, як сонца на небе ўжо сьвеціць.
„Пажар, гэй, пажар!“ так вакол загудзела;
Крычаць: „Уставайце, гасіць дружна, сьмела!
Гарыць у дварэ у Лаўчынскага нешта;
Гасеце! Згарыць там будынкаў і рэшта“.
Сабраліся людзі, ды толькі па часе:
Ніхто ўжо агню не зальле, не загасе.
Гарыць пуня панская, полымя мкнецца
І знамем крывавым на небе здаецца.
Бясьсільны тут людзі, бясьсільны іх рукі…
Хто ў полымя ўлезе на болі, на мукі?
І… пуня згарэла. Тарчыць куча сена,
Дымяць галавешкі, астаткі ад сьценаў;
Цягаюць іх людзі з агню на староны.
Ах… божа! Што гэта? Корч нейкі звуглёны…
Хто толькі ні гляне — ўцякае з трывогі;
Корч мае людзкія і рукі, і ногі!
Пры тулаве знаць галава чалавека —
Косьць толькі, няма ні вячэй, ні павекаў.
Пазнаў народ, што хтось згарэў з пуняй разам,
Пакленчыў над трупам, як-бы над абразам:
Пазнаці люд хоча, хто марна так згінуў,
Сьвет гэты пакінуў, радню ўсю пакінуў?
Глядзяць… аж тут раптам енк страшны разьнёсься
Аж кожны смуціўся, аж кожны затросься, —
Енк гэткага жалю, енк гэткай балесьці,
Што можа душой і тырана затрэсьці!