Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/212

Гэта старонка не была вычытаная

Так крыкне па страчаным любым дзяўчына
І маці так енкне, хаваючы сына.
І маці тут родная труп той пазнала,
Пазнала таго ў ім, каго ўзгадавала,
Хто хлеба ёй, беднай, насіў яшчэ ўчора,
Хто быў-бы ёй, беднай, на старасьць падпорай…
Эх, сын яе родны, эх, Янка прыгожы
Ляжыць няжывым на пасьцелі, на божай!
Ня ўстане на векі і сьвету ня ўбача…
І плача так маці і горка так плача,
А з ёю, здаецца, і ночка галосіць,
І сьлёзы зьбірае і к богу заносіць.

Ці-ж добра, ці-ж лёгка? Эй, пане, эй, мсьцівы!
Што Янка у пуні згарэў нешчасьлівы?
Твая-ж гэта, пане, рука учыніла,
Што будзе на сьвеце аднэй больш магілай,
Аднэй больш магілай, а сьлёзаў бяз меры.
Прыгледзься, што зробіў ты ўзмахам сякеры?
Вось Янка забіты, вось Янкава маці
Убогая мусіць ісьці жабраваці,
Бо ўжо працаваці застара, заслаба,
Ня то, што мужчына, ат, ведама, — баба!
А што скажа Зося, як з места прыедзе?
Што скажа, як спаленым Янку угледзе?
Ну, цешся, ну, цешся пацехаю ката!
Ужо дамавіна гатова на брата.
Ці-ж добра, ці-ж лёгка? Эй, пане, эй, мсьцівы!
Што Янка у пуні згарэў нешчасьлівы, —
Так голас таемны пытаецца ў пана;
Але грызьць сумленьне ці-ж можа тырана?
Раз толькі надумаўся збродню ўчыніці,
Ахвяру праз помсту са сьвету згубіці,
То пэўна, што плакаць па збродні ня будзе:
Ня будзе йсьці роўна, хто раз ужо зблудзе.

Сьвітае. Вот Зося ужо з Менску едзе,
Вясёлая, цешыцца, — Янку угледзе;
Усё ёй так мілым, як лепей ня трэба:
І гэтыя людзі, і гэтае неба.