Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/213

Гэта старонка не была вычытаная

І рада сьмяяцца, і рада сьпяваці,
І з хлопцам прыгожым пайці пагуляці…
Прыехала-ж панна на плач, не на йгрышча,
Убачыла з пуні адно папялішча.
Што ўбачыла далей, сказаці ня можа;
Два выбеглі слоўцы: „О, Езу! О, божа!“
І рукі заломе, і крыкам шалёным
Азвалася з жалю над Янкам звуглёным.
На брата узгляне: маўчыць той панура,
Зубамі заляскае, вочы зажмура.
Дарэмна дзяўчына адкрыць праўду хоча;
Зжымаецца сэрца, цякуць сьлёзы з вочаў…
Га! чымся так жыці, лепш легчы у гробе.
У сьлёзах, у муках, у цяжкай жалобе
Праходзе дзень гэтак; ноч сьціха ўжо пхнецца,
А Зося ні мёртва, ні жыва снуецца.
Прашла ноч, і раніцу сонца прыгнала.
Дзе-ж панна? А панны з пасьцелі ня стала.
Збудзіліся слугі, і пан прабудзіўся;
Сястры няма дома. Спачатку зьдзівіўся,
А потым і чорныя думы абселі:
Ці-ж Зосі праз тое ня стала з пасьцелі,
Што спалены Янка?.. Тут болей затросься,
Заныла на сэрцы, страх нейкі пранёсься.
І выскача з хаты, і крыкне на слугаў, —
Заве ад работы, заве як-бы другаў:
„Эй, людзі! Дзе Зося, дзе ваша паненка?
Шукайце! Няма яе ў гэтых тут сьценках.
Была тут у хаце, няўжо яна ў полі?
А можа, а можа… ня ўбачу ніколі!..
Шукайце, шукайце! Бярэце багацьце,
А толькі, каб Зосю я відзеў у хаце!“
Крычыць так Лаўчынскі на ўсе на староны,
А дзіка, а страшна, як зьвер той шалёны.
І зьбегліся людзі, шукаюць, гукаюць;
Дарэмна! Дзе Зося, дзе панна — ня знаюць.
Аж глянуў брат родны у сад на сасонку —
Вісіць сястра пана, вісіць на пастронку.

У тры дні дзьве ямы на труны капалі:
На могілках Янку-хамулу схавалі,