Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/214

Гэта старонка не была вычытаная

А далей, за могілкі — гожу паненку,
Народ-жа над імі маліўся і кленкаў.
Нябожчыкаў несьлі хаваць неяк зрана,
Пад вечар-жа везьлі ў вар‘яцкі дом пана.

Эй, кончана казка! Ну, як вам здаецца:
Ці праўды ў ёй многа, ці лжэ, ці сьмяецца?
Мне-ж верце, што гэта ёсьць праўдай звычайнай, —
Спытайцеся толькі старэйшых пад Гайнай,
Там кожны з ахвотай раскажа вам гэта;
Хоць там яшчэ гора людзей не апета,
Але у паданьнях жыве і жыць будзе
І сьведчыць сабою багатых аблудзе.
Закінеце, можа, што ў казцы на пана
Замнога ўсялякіх шальмоўств наўскладана?
Няхай-жа багаты пан кепска ня чыне,
Напэўна і казка ні ў чым не абвіне.
Бо што зробіць бедны, з бяды што натвора,
Такога і казка ня так абгавора;
А створа-ж багаты дзе подласьць якую,
І з роскашы праўду патопча сьвятую,
Ні ў чым не дазнае ад прышласьці ласкі:
Такім не даруюць ні песьні, ні казкі.

|}