Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/22

Гэта старонка не была вычытаная

І далей ува ўсіх, як і ў „Жалейцы“, адмечаных творах Купалы, зьмешчаных У „Гусьляры“, ідэя нязьменна адна: вызваленьне працоўных гушчаў Беларусі з экономічна-нацыянальнага ўціску. Напевы соцыяльнага зьместу — пераважны: яны захапляюць аўтара. Толькі паціхай часамі ўступаюць месца вобразам беларускае прыроды. Янка Купала трымаецца раз абранага шляху — змагацца сілаю мастацкага слова за сваю краіну. Чым болей сталеў яго талент, тым глыбей прасякаўся поэта пачуцьцём патрыотызму, пачуцьцём заўзятага ваяўніка, нават духовага правадыра. Моц, якая зычэла ў яго вершах, раўнялася моцы надзвычайнага трыбуна, які кліча і вядзе масы сілаю слова.

Песьня мая ня шукае чырвонцаў —
Будучнасьць гэткіх ня знойдзе ў ёй плям,
Жыць хоча толькі ў радзімай старонцы,
Пеці па сэрцы ўсім добрым людзям.
Пеці, і з часам у добрую пору
Выклікаць водклік У сонным сяле…
Ўсю Беларусь, неабнятну, як мора,
Убачыць у ясным, як сонца, сьвятле[1].

Грунт Янкі Купалы — вясковая, зрэбная Беларусь. Яна на яго вокліч, зразумелы, блізкі, давала „Водклік“, паперш, успрыняцьцём роднага слова, а пасьля —вялікаю цягаю да вызваленьня і будаўніцтва працоўнае рэспублікі. Так, як-бы ні стараліся іншыя бачыць у Янку Купале выключна нацыянальнага адраджэнца, нельга ўлажыць творчасьці поэты ў гэтыя рамкі. Наадварот, усе мотывы аб „бацькаўшчыне“ прасякнуты наспрэс глыбокімі соцыяльнымі нотамі. Для яго быў дораг „водклік у сонным сяле“; сяло — вось дзе ён бачыў Беларусь. І ў „Гусьляры“, і ў „Шляхам жыцьця“ той самы мужык, з якім Янка Купала паказаўся перад сьветам, забірае галоўную ўвагу ў яго грамадзянскіх мотывах. Асабіста, у „Шляхам жыцьця“ (вышаў у 1913 годзе ў Пецярбурзе) адведзены цэлы аддзел „Наша вёска“, пасьвечаны мужыку, яго долі, жаданьням, умовам яго жыцьця і рознастайным праявам гэтага жыцьця. Пры гэтым, дужа цікава, што поэту вельмі займае і процэс працы: ён падае вобразы яе ў розных варыяцыях — за сахою, з сярпом, з

  1. „Шляхам жыцьця“, ст. 3.