Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/221

Гэта старонка не была вычытаная

ПРЫВІТАНЬНЕ

Зноў я з вамі, са сваімі,
Мілыя сяляне!
Будзем разам спатыкаці
Ночку і сьвітаньне.

Станем разам у парадак
З плугам на папары
Спольна скібіну варочаць,
Нажываць загары.

Над работай няпрыдумнай
Вясковай пакоры
Будуць здаля баіць байкі
Хвойкі, ясакоры.

Скіба ў скібу, гоні ў гоні
Высьцелем на дзіва;
Ляжа зерне, ўзойдзе колас, —
Узрастай шчасьліва!

За плугамі за сваімі
На прасторы божым
Чыстым сэрцам, вольнай думкай
Песьню-казку зложым.

Пойдзе плавам песьня-казка
Ў сьвет аб нашай славе,
Дзіву дасца сьвет вялікі
Гэтакай праяве.

Хай сьвет знае, што патрапе
Бяз чужых прымусаў
Беларуса праца, сіла,
Сэрца беларуса.