Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/222

Гэта старонка не была вычытаная

ГУСЬЛІ-САМАГРАІ

Як зайгралі, загудзелі
Гусьлі-самаграі,
Панясьліся, паляцелі
Песьні па ўсім краі.

Ад паляны да паляны,
Ад бора да бора,
Плыве голас няўніманы,
Як-бы хвалі мора.

Аб вялікай аб старонцы,
Беларусі-маці,
Жальба страшная бясконца
Ўсё чуваць-чуваці.

Як душы таёй пакутнай,
З-пад магільнай пліты
Гоман веча ў гусьлях чутны,
Чутны звон разьбіты;

Хоць разьбіты, хоць забыты, —
Для ўсіх зразумелы,
І ад сьвіту аж да сьвіту
Слухае сьвет цэлы;

Плачуць, жаляцца спрасоньня
Гусьлі-самаграі,
Аж, здаецца, пушча стогне,
Курган уздыхае.