Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/223

Гэта старонка была вычытаная

ЖАЛЬЦЕСЯ, ГРАЙКІЯ СТРУНЫ…

Ліра зьмірае ў спакою,
Губіцца струнавы звон;
Лірнік чапніся рукою —
Творыцца песень мільён.

Жальцеся грайкія струны,
Рэхам расходзьцеся ў даль!
Гэткі сьвет ярмен і сумны,
Гэткі паношыцца жаль!

Сэрцу нясеце зьлягчэньне,
З пут вызваляйце душу,
Новыя ліце праменьні
Ў сонную быту глушу.

Ліце прызыўныя чары,
Жыўчую думкам ваду,
Высельце буднасьці мары,
Духаў благіх чараду.

Ціхаму кроўнаму полю,
Сьлёзьмі абмытай зямлі,
Вызваньце лепшую долю,
Лепшыя скарбныя дні!

Сьцежку хутчэй ідэалам!..
Квецься, палай, хараство!
Куйся, зарнічная хвала,
Вечная радасьць, дабро!

Ліра пяе ў няпрывеце;
Жаліцца лірнік адзін…
Гэй-жа, далей з беспрасьвецьця!
К сонцу з пакутных нізін!