Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/23

Гэта старонка не была вычытаная

касою, з шылам (шавец) і інш. І кожны выгляд працы хавае пад сабою асабовую дробязь аднэй вялікай гамы труду, які аддаецца на справу вызваленьня. Ад таго — заўсюды, кожны верш, пасьвечаны працы, канчаецца ў поэты праменнаю вераю:

Вецер і моц, знаць, табе прынясе
З песьняй магучай, як воля,
Што перастоіш палацы ты ўсе,
Станеш да бою з нядоляй[1].

Альбо:

Ты — пан, ты — багаты, ты — сіла, араты!
Ты ў крыўду ня даўся-б другім:
Знай, шмат каму трэба з тваёй працы хлеба,
Дый сам ты галодзен саўсім.
Дык выпрамся-ж крошку, дый жыва за сошку,
Ды ў поле, к вялікай арбе!
Бач, можа і долю ў няўродлівым полі
Ты выарэш, братка, сабе…[2]

І яшчэ:

Песьню пей і касі, пакуль ясныя дні,
Пакуль хмараў на небе няма;
Зямля, плуг і каса — гэта наша краса,
Гэта наша пацеха адна[3].

Хмары былі ў той час, калі Янка Купала пісаў гэта, былі цёмныя хмары і засьцілалі яны небныя паземы — рэдка было бачыць яснае сьвятло. Таму-та гэтак горача і кліча да яго поэта; кліча, часамі, занепадаючы ў тугу… праўда, не таму, што яго абурае бязьвер‘е, а дзеля таго, каб указкаю на цяжарнейшы стан вёскі і селяніна падбіць на шчырэйшае адчуваньне бадзёрых тонаў. А хто-б мог ня плакаць над змучанай, прыдушанай беларускаю вёскаю? Тым болей, яе сын, поэта? Янка Купала зрэдку даходзіць да мінорнасьці. Доля безьзямельніка наводзіць на гэта. Але рэдкія хвіліны безнадзейнасьці хутка мінаюць, акупаючыся новым уздымам надзейнасьці, веры. Абураны імі поэта кажа:

  1. „Шляхам жыцьця“, ст. 108.
  2. Там сама, ст. 118.
  3. Там сама, ст. 120.