ЦІ ТЫ УЗОЙДЗЕШ КАЛІ, СОНЦА?
З плачам думка-песьня льлецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб‘ецца…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
Маці ўдоўка, сірацінка
Паглядаюць у ваконца, —
Дагарэла ўжо лучынка…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
Пхнецца сьцежкай падарожны, —
Няма хлеба ўжо ў катомцы, —
Цэль далёка, зблудзіць можна…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
Мужык з горам ляжа, ўстане,
Пляце байкі дзеткам, жонцы,
Толькі чутны уздыханьні…
Цы ты ўзойдзеш калі, сонца?
Шнур бядак пахаў да поту, —
Марны-ж колас на саломцы, —
Ні красы тэй, ні ўмалоту…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
Безьзямельны згубіў долю,
Хоць шукай з бяды ў палонцы;
Ні тэй хаты, ані поля…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
Сэрца поўнае трывогі
Жальма жаліцца бясконца;
Ні тэй праўды, ні дарогі…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
З плачам думка-песьня льлецца
Па замучанай старонцы,
З плачам рэха адаб‘ецца…
Ці ты ўзойдзеш калі, сонца?
— Ці ты ўзойдзеш?
|