Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/239

Гэта старонка не была вычытаная

ЗЬНЯМОГА

Плача сонца маладое
Над плянэтай над старою,
Іскры сыплюцца цурком,
Што ня тымі пуцінамі
Ходзяць леты за лятамі
Ў вечным зладзе з курганом.

Безнадзейна, бястрывожна,
Ціха, зважна, асьцярожна
Хаос гнёзды ўе свае, —
Вара зельле-калатуху,
Пое, зводзе князя-духа,
Перадыху не дае.

Сьвіты, захады крыляцца,
На аднэй таўкуцца кладцы,
Цемра вабе згубным дном;
Плача сонца маладое
Над плянэтай над старою,
Іскры сыплюцца цурком.