Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

На вялікім сьвеце б‘е жыцьцё крыніцай;
Барацьба за волю і за долю рдзее,
Маюць панаваньне вера і надзея,
Асьвяціць народы лепшы быт маніцца[1].

Бачыць:

Прашло засьляпеньне, мінае трывога,
На небе ўжо новая відна зара.
Шырок прада мною гасьцінец-дарога.
Ўжо днее, ўжо днее!..[2]

Верыць:

Ночка цёмная на сьвеце
Вечна не начуе[3].

Упэўнены, што

К свабодзе, роўнасьці і знаньню
Мы працярэбім сабе сьлед, —
І будзе ўнукаў панаваньне
Там, дзе сягоньня плача дзед![4]

У часы страшэннае рэакцыі 1910-1911 г. г. гэтага было досыць для грамадзяніна-поэты. На шэрым фоне тагочаснага жыцьця падобныя словы поэты аддавалі сапраўднай праменнай рэволюцыйнасьцю. Хацець большага, прымяраючы на локаць іншага часу, іншых умоў? Болей, як наіўна.

Янка Купала ўзносіўся высока над акольным жыцьцём, кідаючы напевы сваіх бадзёрых, спадзейных песень. Радасны настрой, часта сягаючы да патэтыкі, справодзіў яго неадменна пры напісаньні „Гусьляра“ і „Шляхам жыцьця“.

Многа гэтага пачуцьця і ў лірычных вершах Янкі Купалы. Сочныя вобразы, квітучасьць, яскравасьць хварб яго лірыкі асабліва лашчаць нутро. Так і чуеш, як буяе ды пушніць паўната жыцьця.

І зелень, і кветкі, і песьні,
І неба вясёлая яснасьць…
Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесьні,
Дзе глянеш — адна, братка, шчаснасьць.

  1. „Шляхам жыцьця“, стар. 54.
  2. Там сама, ст. 140.
  3. Там сама, ст. 149.
  4. Там сама, ст. 144.