Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/240

Гэта старонка не была вычытаная

ЗА ГОДАМ ГОД

За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што плесьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход.
За родам род, за годам год.

На ўсход, на сход ідзе-брыдзе
У чарах-снох, у злыбядзе…
Канца ні ў чым, канца нідзе,
На ўсход, на сход, брыдзе-ідзе.

За бытам быт, за стогнам стогн,
За сьмехам сьмех, за сконам скон,
За векам век, за звонам звон,
За мглою мгла з усіх старон.

Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед,
І ноч, і дзень, і цьма, і сьвет,
І песьні кліч, і сьмерці цьвет,
Ідзе-брыдзе за сьледам сьлед.

За годам год, за родам род,
Што хвалі хмар, што плесьні вод,
Па зьменах зьмен, на ўсход, на сход
Ідзе-брыдзе на быт, на звод…