Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/245

Гэта старонка не была вычытаная

З ДУМАК МАРКОТНЫХ

Трудненька, ой, жыці
Ў беднасьці, ў глушы:
Замест сьмеху — сьлёзы,
Жаль нейкі ў душы!

Шчасьце ня прыходзе,
Хоць дней клічу шмат;
Гора не ўцякае,
Хоць і выгнаць рад.

Песьню-б вырваць з сэрца
І пусьціць на сьвет!..
Хай ляціць, хай знойдзе
Ласку і прывет.

Мо‘ шчасьнейшай будзе,
Як я, сын бяды,
Можа хто пачуе,
Запяе з нуды.

Можа хоць бор цёмны
Рэхам адгукне,
Можа вецер вольны
Заўтуруе мне.

Можа ў небе зорка
Песенькі маей
Зразумее голас
І міргне ясьней.

Ночка ў тайных шэптах
Азьвецца хвальбой,
А можа і людзі
Не пагардзяць ёй.