Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/252

Гэта старонка не была вычытаная

НА ДУДЦЫ

Як-жа можна ў маёй хаце
Жыць долі,
Калі хлеба ёй ня хваце
І солі?

З маёй хаткі пацех мала,
Як з лому;
З страхі бура пазьдзірала
Салому.

На падпорах сьцены, шульле
Гнілыя;
Вецер чуць не перакуле,
Як вые.

А праз нізкія ваконцы,
Як ночай,
Хоць-бы глянуць ясна сонца
Ня хоча.

Вясна з голадам прыходзе
Заўсёды,
І благія шле разводзьдзе
Прыгоды.

Летам — праца, пот сплывае
Ракою.
Што засею — град зьбівае
Бяз бою.

Прыдзе восень, золка стане —
Час цяжкі;
Па пустым таку б‘е з раньня
Цэп важкі.

А зімой завеі ў полі
Гуляюць,
Хаўтуры па маёй долі
Спраўляюць.