Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/253

Гэта старонка не была вычытаная

З ПЕСЕНЬ АБ МУЖЫЦКАЙ ДОЛІ

Чый шнур вузак, убог,
Не дарос, не дасох
Лагі — мох, асака?
— Мужыка!

Чыя ў працы за ўсіх
Не спачыне на міг
З мазалямі рука?
— Мужыка!

Чыю хату віхор
Пахіліў, страху зьдзёр,
Зьбіў упору з тачка?
— Мужыка!

Дзе чыйго ў край чужы
З роднай нівы-мяжы
Адарвалі сынка?
— Мужыка!

Каго бедаў прыгон
З усіх мучыць старон,
Як на ўвязі ваўка?
— Мужыка!

Чыя слава ўсягды
Ня мінае бяды,
Турмы, торбы, шынка?
— Мужыка!

Чыю песьню чуваць,
Як-бы мае хаваць
На той сьвет бедака?
— Мужыка!

Гроб-магіла чыя
Сьпіць на дне забыцьця,
Як-бы змыла рака?
— Мужыка!