Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/254

Гэта старонка была вычытаная

КРЫЖЫ[1]

Чуць мы божы сьвет убачым,
І да самай да магілы
Ўсё, як ёсьць, крыжамі значым,
Ці то міла, ці ня міла.
Як у хаце нарадзіўся,
„Бабка“ крыжам прывітала;
Як у царкве ахрысьціўся,
Крыж „кума“ падаравала.
Як пашлі дні маладыя,
Зноў бяз крыжа ані трошкі:
Дзе ня ступіш, крыжавыя
І гасьцінцы і дарожкі.
Крыж баліць табе, бяднязе,
Ад тэй цяжкай ад тэй працы,
Накрыж латы у сярмязе,
Накрыж дзюркі ў тваёй хатцы.
Пальцы накрыж ты складаеш
Ад напраснай ад напасьці;
Крыжам злыдняў адганяеш,
Каб ад крыўдаў не прапасьці.
Доляй мучаны паганай,
Сьлед сьлязой пачнеш крывавіць;
Крыжам ляжаш распластаны,
На сваім абы паставіць.
Крыжам ляжаш за парогам
У тэй цэркве, дзе хрысьціўся,
Крыжам ляжаш перад богам,
Каб цябе ён не забыўся.
Так жыцьця крыж мусіш несьці,
Як дзяды твае насілі;
А як данясёш да сьмерці —
Крыж паставяць на магіле.


  1. Ужываньне крыжоў, — сымболізацыя пакутнага становішча беларускіх працоўных мас пад царскім абсацам. Крыжы — цяжкая доля.

    Рэд.