Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/257

Гэта старонка не была вычытаная

З ГОРА ДЫ З БЯДЫ

Гэй, хадзі ў карчомку,
Дружа малады!
Гарэлачкі вып‘ем
З гора ды з бяды!

Ўтопім долю ў чарцы
Хоць на час сваю,
Там табе я песьню
Гулка прапяю.

Чарачка-галубка
Шчасьця дадае,
І сэрца і думкі
Весяліць твае.

Пры чарачцы поўнай
Радасна ў вачах, —
І добрымі людзі,
І жыцьця ня страх.

І сябе пры чарцы
Ў крыўду-б не даваў,
І за сваю-б праўду
З кожным ваяваў.

І кроў маладая
Ў жылах закіпіць,
І дзяўчынку-сонца
Хацеў-бы туліць.

Дык чаго марудзіш,
Дружа малады?
Хоць раз хадзі ўп‘ёмся
З гора ды з бяды!