Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/258

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ-КАЗКА

Гэй! далёка за морам, за сінім
Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй князева дочка — княгіня,
Сьвітазарай завецца яна.

Гэй! далёка за лесам, за борам
Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй князь у злацістым уборы,
Срыбра б‘е ад каня, ад сядла.

Гэй! далёка за хатай, за вёскай
Ёсьць адна старана, ёсьць адна,
А ў ёй молад дзяцюк, бяды цёзка,
Ні ганораў, ні скарбаў няма.

Гэй і вышла, ой! вышла праява:
І той князь, і дзяцюк той бядак
Спадабалі княгіню на славу,
Спадабалі — і як яшчэ, як!

Не на рэчцы лялее вадзіца,
І ня явар калыша лістком, —
Гэта кроў маладая бурліцца,
Гэта сэрца пашло хадуном.

І паехалі ўдвух яны ў сваты
(Абодвум далей нельга так жыць),
І той князь, і дзяцюк небагаты,
Сьвітазару за жонку прасіць.

Едуць дзень, едуць ноч, едуць доўга,
Дзяцюк з тэй, а князь з тэй стараны;
Таму пнём, таму шляхам дарога;
Яны едуць, і едуць яны…

Не арлы, сокалы на даліну
Па дабычу-пажыву лятуць —
Два ўдальцы да аздобнай дзяўчыны
Ў яе хорам цудоўны бягуць.