Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/259

Гэта старонка была вычытаная

„Вот, княгіня, вот, наша ты пані!“
Яны кажуць абодвы так ей:
„Няхай ласка твая на нас гляне,
Няхай выбера, хто ёй мілей!“

„Я багат, я брыльлянтаў даволі
Сыпну, княжна, пад ножкі твае;
Маё поле — тваё будзе поле,
Табе слугі пакорны мае“.

„Я хоць бедзен, ды шчыра за тое
Сваё сэрца, душу табе дам;
Ня дам слуг, а сам буду слугою,
Скарбам стану цаньнейшым я сам“.

Княжна чуе ўсе гэтыя словы, —
Бедака бярэ мужам сабе.
Князь запеніўся, мсьціцца гатовы,
Дзяцюку ўгрозы сыпе ў кляцьбе.

Ня груган над ахвярай шыбуе,
Несхаваную высачыў косьць,
К праўдзе ўвагі ня знае, ня чуе,
Як зьмяя, чалавечая злосьць.

З чараўніцаю зельле князь вара,
З цёмнай сілаю дружбу вядзе;
Маладую ўсыпляе ён пару,
Маладому аковы кладзе.

Прабудзіўся ўдалец, — і што бача?
Сам бяз княжны, апошні з людзей;
Сьвітазара у хораме плача,
Князь з дружынай гуляе сваей.

Ходзяць хмары шумліва, паважна,
Падцінае хаўтурны ім звон;
Людзі плачуць над хлопцам, над княжнай,
Князю б‘юць за паклонам паклон.

|}