Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/26

Гэта старонка не была вычытаная

напевы асеньняга і зімовага часу. Час красаваньня, пасьпяваньня, час кіпучасьці жыцьцёвай, нараджэньня — абганяе, перамагае хвілі заміраньня, нудных завываў ветру і галеючых садоў.

Сонейка, рэчка, вольха, дзяўчына
Думцы ўсьміхаюцца соладка, дзіўна,
Думка іх шчыра вітае[1].

Янка Купала жыве ў нясупынным паланьні, гартуецца маладымі сокамі жыцьця. Усю прыгожасьць, усю пекнату абымае сваймі думкамі і чуцьцём сваім і… вельмі абураны, што соцыяльныя ўмовы вытвараюць вялікую несправядлівасьць у адносінах між людзкою грамадою і развоем прыроды. Чаму-б кветкамі ды зеленьню вясны не палюбавацца, не палагодзіцца кожнаму, кожнаму селяніну, працаўніку? Няўжо яго сэрца не адчувае цягі да гэтага? Няўжо ўсё хараство створана тым, „хто багаты, адзеты і сыты?“ Не! Пераконаны поэта…

Негаданай песьняй-казкай
Разыграецца часіна…
З сонцам, з сэрцам, з вечнай ласкай
Не прасьпі вясны, дзяўчына[2].

У нутры Янкі Купалы, як на фотографічным шкелку, адбіваліся ўсе вібрацыі з жыцьця Беларусі. Ідэі і іх выяўленьні не праходзілі паміж яго пачуцьця.

Праўда, зацяжная рэакцыя, зьвязаная з незавідным экономічным станам, у якім жыў пясьняр, не магла не адбіцца на яго настроі. Памерны ўзрост соцыяльна-нацыянальнага руху перад вайною не абяцаў таго, што прынесла вайна. І сяганьні ў наступнае, і вера ў шчаснае жыцьцё — належаць моцнасьці і перадчуванасьці поэтавай. Становішча цяжка гняло. Максім Багдановіч часта пытаўся, ці хопіць сілы перажыць грамадзкае гора, а Якуб Колас ападаў у цёмны пэсымізм, і трэба было быць Янкам Купалаю, каб заставацца оптымістым, увераным у нямінучы прыход лепшых дзён:

Глядзі, ўскалышацца, прачнецца
Мільённы, прыспаны народ[3].

Гэта ў 1919 годзе!

  1. „Шляхам жыцьця“, ст. 76.
  2. Там сама, ст. 88.
  3. Там сама, ст. 159.