Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/262

Гэта старонка не была вычытаная

НЕ ЖАЛЕЙКА ЙГРАЕ

Не жалейка йграе
Пад ляском за вёскай,
Не вятрок хістае
Беленькай бярозкай;

Дзевачка-нябожа
Уздыхае, плача
Па сваім прыгожым
Па жыцьці бядачым.

Жыў, любіў сіротку…
Ночкі караталі;
Песьціўся з лябёдкай —
Думкі ашукалі.

Несьлі людзі ковы:
За сваіх уняўся!..
Курганок жвіровы
Памяткай застаўся.

Сьпіць ён, небарача;
Дожджык насып мые,
А дзяўчынка плача,
А дзяўчынка ные.