Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/263

Гэта старонка не была вычытаная

БЫЛО ГЭТА…

Было гэта вясною,
Клаў гняздо верабейка;
На лугу на зялёным
Шчасна йграла жалейка.

Было гэта улетку,
Шукаў зёрн верабейка;
Хмары з громам стагналі,
Нудна пела жалейка.

Было гэта увосень,
Гнаў каршун верабейку;
На слаце-непагодзе
Галасіла жалейка.

Было гэта зімою,
Мёр, замёр верабейка;
Лягла ў сьнежныя гурбы
Паламанай жалейка…