Плыве рэчачка далінкай,
Рыбак шмат у ей;
Пакахай мяне, дзяўчынка,
Як рыбкі ручэй!
Без вадзіцы-б аніколі
Рыбкі ня жылі;
Без каханьня шчасьця, долі
Няма на зямлі.
Няма з кім дзяліці гора,
Смутку і пацех;
Вылі сьлёз хоць цэла мора,
Чужым будзе сьмех.
Хто-ж кахае, ўсё згадае,
Адчуе душой;
Ня чурайся-ж, дзяўчыначка,
Сэрца мне ўспакой.
Разам будзем жыці ў хатцы,
Разам песьні пець;
Будзе раем сьвет здавацца,
Ўсё праўдай ясьнець.
Атачу сябе з душою
Апекай сваей;
Не зазнаеш ты за мною
Крыўду ад людзей.
Жыцьцё будзе слацца кветкай,
Сонцам заблішчыць;
Гэй, у долі добрай гэткай
Сьлёз ня будзеш ліць!
Пакахай-жа мяне толькі
Усяей душой,
Ня дай з жалю марнавацца,
Сэрца супакой!
|