Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/267

Гэта старонка была вычытаная

ПЕСЬНЯ

Бяжыць шыбка ручаінка
Па жвіровым дне;
Жыве ў вёсачцы дзяўчынка,
Ўпадобная мне.

Ў ручаінцы днём і ночай
Вадзіца бурліць;
У дзяўчынкі гараць вочы,
Кроў кіпіць, кіпіць.

Эй! так хочацца вадзіцу
З тэй крынічкі браць;
Дзяўчыначку белаліцу
Туліць, цалаваць.

На млын грэбляй ручаінку
Зьдзержу, перайму;
Ненаглядачку дзяўчынку
За жонку вазьму.

Млынок будзе малоць збожжа
Для добрых людзей;
Плакаць жоначка паможа
Ў хатачцы маей.