Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/269

Гэта старонка была вычытаная

ХАТКА

Пахінулася,
Ў зямлю ўехала
Ты, вясковая,
Хата бедная!..

На страсе тваёй
Мох паношыцца,
Цьмой-лучынкамі
Вокны жаляцца.

А як дзікія
Ветры ўсходзяцца,
Ты дрыжыш уся,
Хатка цёмная.

К табе, мілая,
Не зашоў ніхто
З словам ласкавым,
Дый з пацехаю,

Толькі йдуць к табе
Па мужыцкую
Сілу крэпкую,
Працавітую.

Бедна, хатка, ты,
Але вечная,
І палацы ўсе
Перастоіш ты.