Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/27

Гэта старонка не была вычытаная

І толькі адзін, выразна трывожны момант можна адзначыць у творчым жыцьці поэты. Гэта — момант абвяшчэньня сусьветнай вайны. Зьвязаны ўсімі фібрамі свае істоты з Беларускай краінаю і яе працоўным народам, жывучы іх жыцьцём, для іх жывучы, — не магло сэрца Янкі Купалы на нейкі часне паддацца страшэннай роспачы, калі ён бачыў, як усе жахі вайны апалі на многапакутную Беларусь. Што астанецца ад вечна забранай, ад вечна зьнішчанай краіны, пасьля таго, як пракоціцца па ёй паводка руйнаваньня, пажараў? Ці астанецца, наогул, тая крыніца, з якое ён чэрпаў сваё натхненьне, веру і спадзеі? Ці, магчыма, зданны Молох праглыне цалкам змучаную краіну? У кожным разе, размах здарэньняў ня суліў нічога суцешнага. Было вядома, што арэнаю сутычак двух варожых бакоў застанецца Беларусь —

Грамадзяцца цёмны хмары,
Грозяць сьвету страшнай карай…
..........
Чуткі йдуць, плывуць журбою,
Родны краю, над табою…[1]

Нельга было судзіць, ды ня цікава, на чый бок перагнуцца шалькі, але перагін адбывацьмецца непасрэдна ў Беларускім краі. Гэта страшэнная пара глыбока ўрэзалася ў душу Янкі Купалы, але і тут знашоў ён мужнасьці аднясьціся да яе з завіднай сьмеласьцю, забойна, пракляўшы і час, і абставіны людзей, якія стварылі сусьветную вайну. Вось якімі словамі ён праводзіць 1914 год:

Зыходзіш ты туды, скуль ня прыходзяць,
Але сваіх не забярэш сьлядоў…
О, год! Такіх, як ты, час рэдка родзіць.
О, год! Ты першы гэткі з між гадоў.

Прышоў ня з згоды і свабоды весьцяй
І не ўзьвялічыць праўду між людзьмі, —
Жыцьцём мільёнаў ты прышоў затрэсьці
Шлях вымасьціць свой трупамі, касьцьмі.

Касьцьлявай зморай з гібелі сталецьцяў
Ты, як пракляцьце, будзеш вызіраць,
І будзе маці страшыць табой дзеці,
Ды клікаць той, хто ўздумае ўміраць.

  1. Спадчына“, ст. 30.