Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/270

Гэта старонка не была вычытаная

ПОЛЕ

Поле маё, поле!
Ты мне дарам божым; —
Люблю цябе шчыра,
Абсеяна збожжам.

Люблю тваіх межаў
Стужак рад зялёны,
Роўныя барозны
Шырокіх загонаў.

Люблю цябе, поле,
Вясёлай вясною,
Як ты зарунішся
Ўсякай дабрыною;

Як на табе срыбна
Зацьвіце расіца,
Птушка зашчабеча,
Сонца разгарыцца.

Люблю цябе летам,
Як красуе ніва,
Як шуміць ад ветру
Блогасна, шчасьліва;

Як колас насьпелы
Пад сярпом сагнецца,
І смутная жнеяў
Песьня панясецца.

Люблю цябе, поле,
Ўвосень няскупую,
Як напоўніш пуню,
Ты маю пустую;

Як ты мне за працу
Адплацішся гойна,
Да вясны к налецьцю
Пражыву спакойна.