Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/273

Гэта старонка была вычытаная

ВЯСЕНЬНЯЯ РАНІЦА

Вясеньняя ночка,
Як стой, праляцела,
І раніца з неба
Сплывае нясьмела.

Сьвет яснасьці ўзмахам
Пачаў дзянёк новы;
Хаваюцца з страхам
Начніцы і совы.

Мільённая зорак
Сямейка заснула,
Праменьнямі сонца
З усходу міргнула.

Туман з сенажацяй
Плыве, расьсяецца;
Звон пута чуваці,
Начлежнік пляцецца.

Ад птушыных песень
Лясы загудзелі,
І лісьце і травы
Ад росаў зардзелі.

Прачнуліся вёскі,
Дым з комінаў вале;
Асьверы, павозкі
Скрыпяць недзе ў далі.

А сонца ўсё вышай!
Жыцьця ўсюды болей…
Плугі і бароны
Зашурхалі ў полі.

Рыкае скацінка,
Іграюць жалейкі;
Над цэлай мясьцінай
Стаіць гоман нейкі.

Ўсё йграе й ззывае
Да працы — аж міла…
Куй, браце, жалеза,
Пакуль не астыла!