Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/276

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАВІТАЎ ПЯТРОК…

Завітаў пятрок
К табе, мужычок,
Ты ў шапку ня сьпі,
Коску, знай, кляпі
І вастры, вастры!

Кінуўшы кляпаць,
Ідзі сенажаць
Абкладаць касой,
З расой — не з расой,
З зары да зары.

Жонцы ўзяць сярпок
Гукні, мужычок,
Хай ідзе, бяжыць,
Дзе твой скарб ляжыць,
Дзе з дабром шнуры;

Там хай сноп-у-сноп
Звале многа коп
Серп, рука яе;
Хай жне, хай пяе
З зары да зары.

Лі ты з жонкай пот
За нядолі звод;
Працуй за пяцёх,
Зьбірай, што даў бог,
Карыстай з пары.

Хто улетку з нас
Ня робе ў запас,
Эх, будзе зімой
Бедаваці той
З зары да зары!