Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/277

Гэта старонка не была вычытаная

НОЧКА

Лягла туманом
Ночка на дварэ,
Зваяванай сном
Зямлі гоман мрэ.

Пусткаю аднэй
Поле, сенажаць, —
Ня відаць людзей,
Песень ня чуваць…

Пад ляском начлег
Распаліў агонь;
Заяц перабег,
Путам бразнуў конь.

Чуй! трывожыць сны,
Хвілі забыцьця,
Совы, кажаны
Лезуць з укрыцьця.

Недалёкі бор
Абярнуўся ў шум;
Цёмен, глух прастор,
Жудак, повен дум;

Повен ценяў, мар…
Штось трасе душой, —
Нейкі страх і чар
Ноч нясе з сабой.