Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/279

Гэта старонка была вычытаная

ЗАЗІМАК

На узгоры, на даліны,
На кусты, на перавалы
Леглі сьнежныя крышталы
Ад пуціны да пуціны.

Як жывыя, зоры-сьведкі
У нябеснай у купелі;
Патанулі далі ў белі,
Засьвяціліся палеткі.

Занямелі песьні, стоны…
Ціха скрозь, як у магіле!
Толькі, выстраіўшы крыльле,
Глуха кракаюць вароны.

Воўк з імшараў выбрыў сонных
На ваколіцу пустую,
І завёў сваю старую
Думу-думаў бяспрытонных.

Рэха вылецела з больлю
Па нізіне апусьцеўшай,
І, да вёскі даляцеўшы,
Задрыжэла ў частаколе.