Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/280

Гэта старонка не была вычытаная

ЗІМОЙ У ЛЕСЕ

І лягла-ж цішына
У бары за гарой, —
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.

Сьнег пушаны залёг
На галінах сасон,
І чарнобель, і мох
Атуліў сабой ён.

Сокат птушак замёр,
Як-бы поўнач была,
Адно сьвісьне тапор
Ды зазвоне піла.

Гэта сілу сваю
Так прабуе мужык;
Рухнуў дуб на зямлю,
Як магуч і вялік…

Далей — глуш, цішына
У бары за гарой, —
Каб дравінка адна
Хоць кіўнула сабой.