Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/284

Гэта старонка не была вычытаная

Так мала жыў, а столькі ўжо рабіў надзей
Сваім паглядам няштодзенным!
Якіх ня роіў сноў аб старане сваей,
Як верыў ў свой народ нязьменна!

Як верыў, як да родных рваўся ніў і сёл
З душой і сэрцам беларуса!
Любіў даль сьветлага прывольля, як арол,
Ня знаўшы думам сваім мусу.

Шукаў ўсё праўды між чужымі і сваймі.
І ўсюдых праўду гэту гналі;
Адзін-адным стаць мусіў сам паміж людзьмі,
У думках мкнучы выжай, далей.

Для беларускіх грамадзян байцом, слугой
Так шчырым быў, а грамадзяне —
Эх! ніткаю к пятлі плацілі не адной,
Хоць колькі ўздоху ў час расстаньня…

О, стыд і ганьба вам, сьляпні, што сілам маладым
К жыцьцю гародзіце запоры!
Пагардай вам патомак плюне ў вочы ўсім,
Пракляцьцем памяць абгавора.

За што, чуць-чуць прабуды зьява к нам зышла,
А ўжо сьляды крыжамі знача?
За што расіць аўтар свой кроўю пачала?
Зірнула мараю звадзячай?

Зышоў ваяк за долю, славу і народ,
Пяском засыпалі жвіровым.
Сьпі, мой таварыш, сьпі! надойдзе новы ўсход,
І брат заплача добрым словам.

Сьпі, дружа мой, сявец у родных слоў сяўбе
Па нашай дрэмлючай старонцы!
Няхай зямелька будзе лёгкай для цябе,
Як лёгка рваўся ты да сонца.

|}