Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/285

Гэта старонка не была вычытаная

ПРОФЭСАРУ Б. ЭПІМАХ-ШЫПІЛЕ
З НОВЫМ 1910 ГОДАМ
[1]

Дружным ходам, год за годам
Зважна ўдаль ідзе, брыдзе:
То заплача, то заскача
Ў вечным ходзе, ў чарадзе.

І „дзевяты“ сходзе з хаты,
Кіне наша поле, луг;
Як на слова, годзік новы
Новых дзён вядзе ланцуг.

Зрокся трону і кароны
Сумны, трудны той „Стары“,
„Новы“ сядзе на пасадзе
Да сваёй гуляць пары.

Што прыносе: ці калосьсе,
Ці благое зельле нам?
Сіл ня маю, не згадаю:
Як пяройдзе — скажа сам.

З гэтым „Новым“ шчырым словам
Я віншую ў добры час:
Жычу Вам я несканана
Год бяз ліку жыць між нас!

Між сваімі ці чужымі
Жыць ды шчасьця нажываць;
Далей знаньня прасьвітане,
Як дагэтуль, засяваць!

Бо далёка, з рукі лёгкай,
Вольны, ясны мкне прасьвет;
Будзе ўнуку жыць ня штука,
Лягчэй будзе, як жыў дзед.

  1. Б. Эпімах-Шыпіла — беларускі культурны дзеяч, які сваімі малымі заработкамі падтрымліваў беларускіх пісьменьнікаў у крытычныя моманты іх жыцьця. Рэд.