Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/288

Гэта старонка не была вычытаная

О, слаўны ўкраінча, сын верны народу!
Ты роднага слова ў сябе ня глушыў,
Цярпеў і вучыў, як цярпець у нягодах,
Аж люд твой паняў, чаго ты яго ўчыў.

На поўдзень, на поўнач, на ўсход, захад сонца,
На кобзах людзкіх душ твой грае „Кабзар“,
У хатцы, ў палацы, ў цямніцы, ў карчомцы
Калоціш ты сэрцы, як звонам званар.

І к нам тваё слоўца ня раз далятала;
Мы слухалі ўцешна, што бае сусед.
Цяпер-жа нясём ліст к вянку тваёй хвалы,
Прымі, брат, і наш беларускі прывет!

|}