Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/289

Гэта старонка не была вычытаная

ЗАМКОВАЯ ГАРА

(з Віленскіх абразоў)

Над Вільлёй ракой,
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Ні-то лом-ламок,
Ні-то дом-дамок
Там віднеецца.

Слаўны Гэдымін,
Князь Літвы — літвін,
Душа чынная,
Многа лет таму,
Ў гэтым жыў даму,
Жыў з дружынаю.

Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
Сьцяной крэпкаю;
Не аднэй бітвы
Тут сыны Літвы
Былі сьведкаю.

Сышоў век, другі,
І князі, багі,
Ўсё Літоўскія,
Уцяклі з зямлі,
І дзянькі пашлі
Нетакоўскія.

Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валіцца;
Нават гнёзды віць
Птушка не ляціць, —
Знаць, пужаецца.