Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/29

Гэта старонка не была вычытаная

А куды тамака! З гэтаю вясною падзі многа пастрашнелі, выяўна сьціснулі грабежнымі кайданамі Беларусь. Царская армія ня ўстоіла супроціў арміі кайзэраўскай і ў сполаху адступала, а перад сабою гнала тысячы беларускага сялянства. Краіна пусьцела, руйнавалася. Здань пагібелі вісела над ёю чорнаю хмараю. Дым пажараў затуляў сонца і веру ў блізкае зьнішчэньне крывавай пошасьці, вайны.

Грукат гармат разьвеяў на нейкі час і творчы імпэт Янкі Купалы, прымусіўшы яго змаўчаць, прытаіцца… Мы бачым, што з паловы 1915 году па год 1918 Янкам Купалаю напісана зусім мала, нават у друку няма ніякага твору, які-б быў памечаны 1916 ці 1917 гадамі.

Якраз а палове 1915 году цэнтр беларускага культурнага руху, г. Вільня, быў заняты немцамі. Беларускія культурныя дзеячы, якія пакуль ня былі яшчэ залучаны ў армію, разьехаліся ў іншыя пункты Расіі. Зачыненая перад гэтым „Наша Ніва“, наогул, адняла вялікую частку працы, ужо досі парушанае вайною. Трэба было перачакаць гостры момант, аглядзецца, выбраць месца, згуртаваць там сілы. Выяжджаючы разам з другімі з Вільні, Янка Купала пераехаў у Маскву, дзе сумеў улучыць часу на слуханьне лекцый у унівэрсытэце Шаняўскага. Гэта працягнулася да пачатку 1916 году. Пасьля ён пераяжджае ў Менск, дзе паступае ў дарожную дружыну адбываць вайсковую павіннасьць. У Менску к гэтаму часу пасьпеў залажыцца беларускі гурток, які распачаў выдавецка-політычную працу. Янка Купала далучаецца да гэтай працы, але скора мусіць яе пакінуць і з канца 1916 году пераяжджае, з прычыны службы, у Полацак. У гэтым горадзе поэта пражывае канец 1916 году і ўвесь 1917 год. Лютаўская рэволюцыя застае яго там-жа. З Полацкага пазему Янка Купала сачыў за ўсімі тымі падзеямі, якія выліліся з страшнае вайны ў нячуваны рэволюцыйны ўздым. Рост і пэнт нацыянальнага абуджэньня, здавалася, загінутай Беларусі бліснуў яскравым мэтэорам перад яго вачмі.

Працоўныя беларускія гушчы, парушаныя рэволюцыйным выбухам, зьядналі ў адно політычнае суцэльнае соцыяльныя і нацыянальныя моманты. Ідэі, аб якіх пяяў Янка Купала, з-за якіх хварэў душою, якімі жыў, кідаючы іх у сялянскія гушчы, і над якімі 3 гады вісеў меч загубы, — гэ-