Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/292

Гэта старонка была вычытаная

МАЯ ХАТА З КРАЮ

Дзе зьвярнуся, сяк і так
Баюць мне ў трывозе:
Як мядзьведзь ты сьпіш, бядак,
У сваёй бярлозе.

З гэткіх баек проста сьмех —
Рукою махаю;
Ці-ж-бы спаці было грэх?..
Мая хата з краю.

Без яды адзін брат ссох,
Другі чахне ў латах,
Трэці з торбай на плячох
Кляне так-жа брата.

Я сьмяюся з іх усіх,
Рукою махаю;
Вот сваяцтва — а ну іх!
Мая хата з краю.

Родзе шнур, як там ні сей,
Адны недахваткі;
Кут нявучаных дзяцей,
Хлеба ўжо астаткі.

Думак вельмі ня сушу,
Рукою махаю;
Вып‘ю, рэдзькай закушу, —
Мая хата з краю.

Маю родну мову, край —
Кажуць мне так людзі, —
Толькі выпрастайся, знай,
А твой верх тут будзе!

Праўда — штось як чужняком,
Кожны мной піхае;
Ці-ж адным мной? Эй, Арцём,
Твая хата з краю!