Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/297

Гэта старонка была вычытаная

ДВА БРАТЫ

I

Былі два браты,
Два разбойнікі;
Шмат рабілі зла
Неспакойнікі.

Як пойдуць гуляць,
Расхахоляцца,
Задрыжаць усе,
Ўся ваколіца.

Ні прайсьці нідзе,
Ні праехаці;
Б‘юць паклоны ім
Людзі нехаця.

Сіла — воля іх
Ня ўнімаецца,
Гонар — слава іх
Разрастаецца.

II

Так жывуць сабе
Два разбойнікі,
Разгульным жыцьцём
Неспакойнікі.

Дый ня вечна ўсё
Ў нас пад зорамі:
Закруціла штось
Непакорамі.

Хоць іх сэрца — сталь
Недаступнае,
Хоць душа — скала
Непадкупная,

Вочкі, грудзі — чар
Напаткаліся;
У ваднэй удвух
Закахаліся.