Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/298

Гэта старонка была вычытаная

III

Зажылі браты,
Два разбойнікі,
Ўжо другім жыцьцём
Неспакойнікі.

Хараствы касы,
Іх занадзілі;
Між сабой, як стой,
Не паладзілі.

Ня дубы скрыпяць
Сукам, лісьцямі, —
Два байцы-сьмяльцы
Ненавісьцямі.

І пашлі ім так
Дні няшчасныя,
Пачалі з сабой
Бойку страшную.

IV

Б‘юцца, б‘юцца ўдвух,
Два разбойнікі,
За красу-касу
Неспакойнікі.

Зоркі — сьведкі ім
Прыглядаюцца,
Шумам цёмны бор
Падзіўляецца.

Дзень ужо мінуў,
Вечарэецца,
Барацьба ўсё іх
Паланеецца.

Чуць на ўсход другі
Занімалася,
Два браты з жыцьцём
Разьвіталіся.