Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/300

Гэта старонка не была вычытаная

ЗА ЧУЖУЮ ЕЛКУ

I

Было гэта, было гэта…
Ну было і квіта!
Жыў у вёсцы ў сваёй хаце
Мужычок Мікіта.

Меў ён жонку Міхалінку,
Меў дзяцей з сямёра,
Меў кароўку, меў кабылку,
І тачок з падпорай.

Сэрца меў ён залатое,
Быў з пакоры знаны,
Не бяз грэху, каб і ў чарку
Часам не заглянуў.

Вёў вайну ён век з бядою;
Мацавала гора;
Лыкне чарку, лёгка стане,
Па калені мора!

Жонка часам пачне лаяць, —
Сойдзе бабе з вока.
Адным словам, жыў Мікіта
Лёгка і нялёгка.

II

Проста, накас, скокам-бокам
Жылося, вялося,
Але, як кажуць, да часу
Жбан вадзіцу носе.

Над зямлёй засела восень,
Холадна, плаксіва;
Ліпа лісьце паскідала;
Зьвяла ўроду ніва.