Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/305

Гэта старонка не была вычытаная

ШЧАСЬЦЕ

I

Ты гаворыш, суседзе, што на сьвеце ўсё едзе
Крыва, накас, ня так, як патрэба,
І што ў гэтай круцёле вінна нашая доля,
І то сонца, што сьвеце нам з неба.

Эй, сьмяешся ты хіба, мой гаротны Кандыба,
Растлумачу я ўсё тут іначай:
Самі мы вінаваты ў нашай долі праклятай,
У тым, што век мы бядуем ды плачам.

Глянь, во англік ці немец! — яны ўсё ўмеюць скеміць[1]
Ім і шчасьце і радасьць пакорны;
Мы ляжым, як мядзьвёдкі, як гнілыя калодкі,
І нас топча, хто болей праворны;

Сьпім сабе, ані дбаем, палягчэньня чакаем,
Быццам з неба нам зваліцца тое;
За нішто сходзяць сілы, прыбываюць магілы,
Што раз меней прастору, спакою,

Дзе ня кінеш ты вокам, прэцца ўсё шыбкім крокам,
К чамусь рвуцца, штось хочуць народы;
Калі-ж з нас хто прачнецца, то яму ўжо здаецца…
Але слухай аднэй вось прыгоды.

II

Пад гайком, пры дарожцы, знаў я хлопца у вёсцы,
На сяло ўсё быў гэты дзяціна;
Дужы, стройны, прыгожы, працу ўсякую зможа,
Ласку меў не ў ваднэй і дзяўчыны.

Кажуць, хто з доляй зжыўся, той у чэпку радзіўся,
Янка мой, знаць, яшчэ і ў кашулі:
Бацька, маці любілі, з кніжкай знацца наўчылі,
Часта грош які меў і на гулі.

  1. У часы пісаньня вершу (1910—1911 г. г.) поэта ссылаўся на ангельцаў ды немцаў, як на вольных людзей, у параўнаньні з няволяю расійскага самадзяржаўя. Рэд.