Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 1.pdf/306

Гэта старонка была вычытаная

Ён адзін у іх дзетак, дык ня дзіва, што гэтак
Папясьціць яго часам любілі,
Пакуль з гэтых пяшчотаў не спагнаў тэй ахвоты;
Пакуль злы яго дух не асіліў.

Стаў глядзеці ён крыва, на хаціну, на ніву,
Стаў глядзець ён ні хамам, ні панам:
Стала стыдна сярмяжкі, пры сасе працы цяжкай, —
Пацягнула яго ў край нязнаны.

І аднэй вось нядзелі, толькі ўстаўшы з пасьцелі,
Стаў зьбірацца наш Янка ў дарожку;
Дарма маці хліпоча, дарма бацька біць хоча,
Ён спынуўся з хатомкай за вёскай.

III

І пашоў ў сьвет шырокі, ў сьвет няпэўны, далёкі,
Ад дамашняй шукаць лепшай долі,
А сьвет, знаеш, мой братка, — то ня Шаблон:Амбылка хатка:
Усяго ў ім зазнаеш даволі.

Мы, вясковае племя, менш пры чарцы задрэмем,
А як прыдзе лоб ставіць прашкодзе,
То тады, як у ночы, толькі лыпаюць вочы,
Гінем марна, як крыгі ў разводзьдзе.

Не скажу, каб мой Янка шэльмай быў бязустанку;
Ў той-жа час за сялом зажурыўся,
Бо хто-ж ёсьць так нягодны, не заплача па роднай,
Па старонцы, дзе ўзрос, дзе радзіўся?

Калі выйдзеш, дарогаў туды-сюды — ой многа!
Толькі наш брат іх выбраць ня ўмее, —
Ходзе, мерыць што сілы — бач і блудзе, аж міла —
Меў надзею, згубіў і надзею.

Гэткіх сьцежак меў спорна і мой зух непакорны;
Як та рыба, ня раз аб лёд біўся,
Піў насьмешкі і сьлёзы, быў і п‘ян і цьвярозы,
Жыў на возе, пад возам круціўся,